НАРО́ДНЫЯ ЧЫТА́ННІ,
форма культ.-асв. дзейнасці ў Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач, 20 ст. Праводзіліся ў губ. і пав. гарадах, мястэчках, сельскай мясцовасці камісіямі Н.ч., якія дзейнічалі пад кіраўніцтвам Мін-ва нар. асветы. Кантраляваліся дэпартаментам паліцыі і папячыцелямі навуч. акруг. Праходзілі ў гімназіях, школах, цэрквах, турмах, у час вайск. збораў. Прызначаліся для насельніцтва з нізкім узроўнем адукацыі — сялян, рамеснікаў, рабочых, моладзі. Мелі на мэце выхаванне ў насельніцтва вернападданніцкіх адносін да самадзяржаўя, пакорнасці ўладам, рэлігійнасці ў духу пануючага праваслаўя. Большая частка чытанняў прысвячалася рэліг. тэматыцы, але былі лекцыі па прыродазнаўстве, геаграфіі, рус. гісторыі і л-ры. У 1898 у Віцебску праведзена 8 чытанняў, у 1899—142. У Магілёве адпаведна 40, 91. Паводле звестак папячыцеля Віленскай навуч. акругі, у 1914 у Віленскай губ. адбылося 605 Н.ч., у Гродзенскай — 745, Мінскай — 399, Магілёўскай — 1284, Віцебскай — 1420. У Беларусі Н.ч. амаль не закраналі мясц. тэматыкі, мелі адносна невял. значэнне ў асвеце насельніцтва.
А.М.Шульговіч.
т. 11, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)